МЕНА́МСКАЯ НІЗІ́НА У басейне р. Менам-Чао-Прая, у Тайландзе. Абмываецца Сіямскім зал. Паўд.-Кітайскага м. Даўж. каля 500 км. Пл. каля 100 тыс. км². Размешчана на месцы тэктанічнай упадзіны, паміж гарамі цэнтр. ч. Індакітая на З і плато Карат на У. Запоўнена алювіяльнымі адкладамі р. Менам-Чао-Прая і яе прытокаў. Пераважаюць раўніны, на Пн з градамі астанцовых узгоркаў, складзеных пераважна з вапнякоў. На Пд — берагавыя валы ўздоўж узбярэжжа Сіямскага зал. Густая сетка рэк і арашальных каналаў, шмат балот. Клімат субэкватарыяльны мусонны, ападкаў больш за 1000 мм за год. Лістападныя мусонныя лясы і хмызнякі, у дэльце — мангравыя лясы, зараснікі пальмы ніпа. Значныя тэрыторыі разараны пад пасевы рысу (жытніца краіны). На М.н. — г. Бангкок.
т. 10, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)